Рукапіс мае фармат у восьмую частку аркуша і налічвае 54 старонкі. Твор пачынаецца з 15 старонкі канвалюта, у які ён пераплецены, і займае толькі пяць старонак. Да тэксту падання далучана сваеасаблівае пасляслоўе:
«Феодоси иеромонах закону Св. Василия сознаваю тым писанием руки моее власное жем власне так от многих людей о тым образе святом слышал яко се тут гисторыя написана». Далей да тэксту далучаны ўласнаручныя пісьмовыя сведчанні святароў:
«Я Исидор Иванович священник люшневски, будучы прошоны от чесного отца Андрея Офонасовича Бегуновского которы праз старост сваю великую не могучы свои подписат при памети еднак же будучы вызнавал предо мною и пред чесным отцем Феодосием иеромонахом закону Святого Василиа котори его о всем выпытывал же все так власне было яко се тут гисторыя о образе жировицком Пречисто Богородицы выписана. Для того то все и я вызнаваю пишучы рукою маею власною.
Я, Варфоломей Поликарпович пред тым будучи свещенником жировицким лет 50, а тепер ополским, сознаваю тым писанием, жем так власне од продков своих слышал о образи светом жировицком яко сия тут гисторыя писала».
Прафесар А. Мальдзіс піша: ««Гісторыя…» иеромонаха Феодосия Боровика является ценным памятником как духовной, так и светской литературы. … Написано произведение на колоритном древнем белорусском языке. В лексике памятника встречаются слова, отсутствующие в других литературных произведениях того времени (балванник, грушковый, загладитисе, псователь, рысованый, титуловати и др.). Рукописный сборник… важен так же, как свидетельство того, что уния, навязанная белорускому населению, встречала… внутреннее противодействие. И в 1622 г. монах Феодосий писал свои произведения не на польском, а на древнем белорусском языке. Позиции автора так же остаются традиционными, православными» .
Цікава, што базыліяне пераклалі твор а. Феадосія Баравіка на польскую мову і з некаторымі зменамі выдалі яго ў Вільні ў 1622 г. Пастанаўленне аб тым, што «кніжка аб цудах Жыровіцкіх няхай пабачыць свет» было прынятае на Лаўрышаўскай кангрэгацыі 1621 г. Гэтая кніга перавыдавалася таксама ў 1628 (з друкаванай выявай абразу).
Сведчанняў аб жыцці іераманаха Феадосія Баравіка захавалася няшмат. У 1620 г. у адным дакуменце ўзгадваецца «Феодосий Боровик, иеромонах Закону Светого Василия, Настоятель монастыра Виленского Светое Живоначальное Троици». У 1623 г. а. Феадосій Баравік прысутнічае на Руцкой базыльянскай кангрэгацыі. У 1648 г. ён узгаданы як «казнодзея» (прапаведнік—В.П.) мінскіх Узнясенскага і Св-Духаўскага базыльянскіх манастыроў. У 1632 г. Баравік – суперыёр (настаяцель) Жыровіцкага манастыра.
Паслядоўнікі іераманаха Феадосія – першага гістарыёграфа Жыровіц, імкнуліся дапоўніць і асэнсаваць гісторыю яўлення абразу. У 1652 – 1654 гг. даследаваннямі займаўся архімандрыт Язафат Дубянецкі, »казнодзея и пенитэнцыят Жыровицки», які напісаў кнігу »Образ Чудотворны Пресвятой Богородицы в Жыровицах».
Язафат Дубянецкі ўзяў за аснову рукапіс а. Феадосія, але дапоўніў апошні апісаннямі шматлікіх цудаў, якія адбыліся перад Жыровіцкім абразам пасля 1622 г. Твор складаўся з сямі частак: «Описание мейсца самих Жыровиц», «Од кого тэн образ, яким способэм и кеды ест зналезёны» (цытуе «Кроніку польску»Мацея Стрыйкоўскага), «Чаму у тэй пушчы а не на инным мейсцы цэркев ест збудована?», «О погожэню цэркви и о тэго образу сьвентэго», «О каменю» (у гэтым раздзеле аўтар гаворыць аб фундаванні Стэфанам Гільхенам Багаяўленскай царквы), «Аб цудах пшы тым камяню»,»Опісане образу, які ест і цо ма в собе».
Віленскія базыліяне выдалі кнігу а. Язафата Дубянецкага ў 1653 г. Цікава, што экзэмпляр гэтай кнігі ў канцы XIX ст. падараваў вядомаму царкоўнаму гісторыку-краязнаўцу святару Льву Паеўскаму намеснік Жыровіцкага манастыра архімандрыт Мікалай (Рэдута). Апошні, у сваю чаргу, атрымаў яе ў падарунак ад шляхтіца Юндзіла. А. Леў Паеўскі ўзгадвае аб гэтым падарунку, як аб «брошюре на польском языке, напечатанной немецким шрифтом не позже 1637 г.» Паеўскі не называе аўтара і месца выдання кнігі. Верагодна, тытульная старонка не захавалася. Дата 1637 г. можа паходзіць з маргіналіі на больш старой за кнігу вокладцы, што было частай з'явай таго часу.
Кніга Язафата Дубянецкага была перавыдадзеная а. Львом Паеўскім у Гродне ў 1897 г. пад назваю «Древнее сказание о Жировицах и о чудотворном образе Жировицкой Богоматери». У наш час, невялікім накладам, гэтае выданне было адноўлена ў 1994 г. у Гомелі.
Абодва арыгіналы ўзгаданых намі гістарычных твораў жыровіцкіх гісторыкаў захоўваліся ў бібліятэцы Жыровіцкага манастыра і былі ўзятыя адтуль у 1830-я гг. выкладчыкам Літоўскай Духоўнай семінарыі П. Дабрахотавым. П. Дабрахотаў, які пазней займаў пасады рэктара некалькіх буйных семінарый, стаў епіскапам, большую частку жыцця збіраў старажытныя дакументы па гісторыі ВКЛ. Пасля смерці ўладыкі ягоная калекцыя была набытая С-Пецярбургскай імператарскай акадэміяй навук. Да нашага часу гэты збор застаецца адной з асноўных крыніц дакументальных сведчанняў па гісторыі Беларусі перыяду царкоўнай уніі.
У калекцыі Дабрахотава знаходзяцца яшчэ некалькі гістарычных прац аб Жыровіцкім манастыры, якія былі ў розны час напісаныя насельнікамі манастыра. Гэта: «Цуды Прасвятой Маці Божай Жыровіцкай» (XIX ст.); «Кніга найдаўнейшых цудаў абраза Жыровіцкай Маці Божай» (XVII ст); «Collectanea Historyca o Klasztorze Zyrowickim…1713 г.».
Апошняя праца ўяўляе сабой зборнік гістарычных звестак пра Жыровіцкі манастыр з апавяданняў і справаў старых людзей, што заслугоўваюць даверу. Аўтар гэтага рукапісу—Антоні Завадскі, вядомы гістарыёграф, буйны базыльянскі дзеяч, у канцы жыцця – протаархімандрыт ордэна.
Сярод кніг аб цудатворным жыровіцкім абразе шырока вядомым ў Рэчы Паспалітай XVIII ст. было выданне «Il diaspro prodigioso di tre colori, ovvro narrazione istoria della tre Imagini Miracolose della Beata Vergine Maria…» Roma 1732
Аўтар гэтага італьянскамоўнага твора – наш суайчыннік базыліянін Ігнаці Кульчынскі (1707 – каля 1747), ураджэнец Гродна і архімандрыт гродзенскага Каложскага манастыра. Ён быў адным з выбітных уніяцкіх гісторыкаў свайго часу, даследваў гісторыю Гродна, Каложскай Барыса-Глебскай царквы і, дарэчы, упершыню падрабязна апісаў крыж Еўфрасінні Полацкай . У 1730 г. Кульчынскі займаў пасаду генеральнага пракуратара базыльянаў у Рыме і рэктара семінарыі пры манастыры Свв. Сергія і Вакха. Менавіта Кульчынскі першым апісаў гісторыю знакамітай «Madona dei pacolo»—рымскага спісу Жыровіцкага абразу, які з'явіўся з-пад абсыпанага тынку ў 1718 г. на муры царквы Сергія і Вакха. «Madona dei pacolo» атрымала настолькі шырокую вядомасць, што ў 1730 г. па загаду папы Клімента XI адбылася ўрачыстая каранацыя абразу ў Жыровіцах.
Дарэчы, пытанне аб часе з'яўлення ў Жыровіцах абраза, якое ўздымалі названыя намі гісторыкі, застаецца нявырашэным і сёння. Вось, як піша аб гэтым Г. Лазарава: «Дата «1470 г.» , утвердившаяся в литературе еще в прошлом веке, представляется достаточно сомнительной. В первых печатных изданиях «Истории… об образе Матери Божьей Жировичской…», составленной Феодосием Боровиком не позднее 1621 г., дата «явления» отсутствует. В рукописном экземпляре этой же «Истории…», который использовал в своем исследовании П. Жукович, указано, что первое явление иконы и постройка первой церкви в Жировичах произошли «… около 1500 г. в царствование Казимира Ягайловича…». Как известно, Казимир Ягеллончик умер в 1492 г. Впервые «1470 г.» как дата явления иконы упоминается в работе итальянского каноника Исидора Нарди, изданной на итальянском языке в 1721 и перепечатанной в православной церковной литературе. Что послужило основанием для этой даты, не ясно, но нами она принята быть не может, т.к. только в 1493 г. Жировичи перешли во владение Солтанов».
Цікавай крыніцай да гісторыі Жыровіцаў з'яўляецца праца вядомага базыльянскага гісторыка канца XVIII ст. І. Сцябельскага. На жаль, гэты вельмі грунтоўны нарыс не быў скончаны і надрукаваны у сувязі са смерцю аўтара, таму стаў вядомы даследчыкам значна пазней. Сцебельскі ўпершыню адшукаў і працытаваў старажытны акт, які сцвярджаў, што «да 1493 году Жыровіцы разам з навакольнымі вёскамі належалі шляхецкаму роду Гайцэвічаў, а пасля смерці астатніх прадстаўнікоў роду зрабіліся ўласнасцю літоўскага гаспадара. Вялікі князь Літоўскі Аляксандр надае Жыровіцы на спадчыннае валоданне маршалку свайму Солтану Аляксандравічу» .
У хуткім часе пасля атрымання маёнтка Жыровіцы, у 1495 г., Солтан Аляксандравіч памірае, напэўна, не паспеўшы перанесці сюды сваю сядзібу. Але пры Аляксандры Солтанавічу, падскарбію дворным ВКЛ, Жыровіцы робяцца ягонай рэзідэнцыяй. Сцябельскі паведамляе, што падзеі, апісаныя ў манастырскім паданні, адбыліся менавіта пры гэтым Солтане.
Цікавыя сведчанні аб мажлівым часе з'яўлення абразу дае справа, якая ўвайшла ў знакамітую Літоўскую метрыку. У 1516 г. Аляксандр Солтанавіч, распачаў судовую цяжбу з «пани Литаворовой Хребтовича о скарбы отца его с которыми он у опеце был у небожчыка пана Литавора, мужа её». Спрэчка тычылася маёмасці, якую жонка апекуна Аляксандра Солтана прыбрала па смерці мужа. Аляксандр Солтан падрабязна пералічвае гэтую маёмасць у даданым да судовай справы «Реестре пана Солтана скарбу што у Вильни был при нем». Цікава, што сярод прыўлашчаных пані Літаворавай рэчаў згадваецца таксама ордэн Залатога Руна і падараваны каралём Эдуардам IV залаты ланцуг. Зыходзячы з вышэйсказанага, Аляксандр Солтан быў яшчэ вельмі маладым чалавекам, калі памёр бацька, бо мог распачаць цяжбу толькі пасля паўналецця.
Аляксандр Солтан згадваецца ў манастырскім сінодыку як «перши фундатор за которого цуд сей показан в Жировицах». Згодна з запісам, ё н памёр ён у 1549 г. Стары манастырскі Сінодык знайшоў у рызніцы Св-Успенскага сабора А. В. Рачынскі падчас экпедыцыі, якую ладзіла Віленская публічная бібліятэка з мэтаю збора рукапісаў у 1867 г. На першай старонцы гэтай кнігі знаходзіўся надпіс: «Сей поминник церкви Жыровицкой 1763 априля 12 падписаны» . Сёння кніга знаходзіцца ў Вільнюсе. Цікава, што І. Сцябельскі, падае яшчэ больш позні час смерці Аляксандра Солтана—1554 г.
Такім чынам, калі меркаваць, што Аляксандру Солтану было 20 гадоў у 1500 г., то ён памёр бы ва ўзросце 69 гадоў. Гэта істотна звужвае храналагічныя межы, у якія ўкладваецца падзея з'яўлення абразу. Неабходна спадзявацца, што далейшае больш дасканалае вывучэнне гістарычных крыніц дазволіць высветліць новыя цікавыя факты з гісторыі Жыровіцкага цудатворнага абразу.